Электронная кніга "Жывая памяць пакаленняў"

Ніколі не забудзем: унукі аб вайне…

 Так здарылася, што пра вайну мы чуем часцей з вуснаў мужчын. Яно і зразумела: ваявалі, у асноўным, мужчыны.

 Але ёсць яшчэ адна памяць – дзіцячая. Тое, што запомнілі і вынеслі аб вайне дзеці, з’яўляецца дакладным, эмацыянальным адлюстраваннем тых страшэнных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі нашай Радзімы.

 Маёй прабабулі Давідоўскай Соф’і Сцяпанаўне (дзявочае прозвішча Галуза) было толькі дзевяць гадоў на пачатак вайны (нарадзілася ў 1932 годзе). Вось што мне расказаў мой тата, яе ўнук.

 Прабабуля нарадзілася ў вёсцы Канюхі, што знаходзіцца ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Акрамя яе, у сям’і былі яшчэ двое старэйшых дзяцей – сястра Марыя  і брат Іван. Вёска, дзе жыла сям’я Галузаў, была невялікая, але непадалёку ад  яе знаходзілася два мястэчкі – Грозава і Грэск. У вайну там стаялі нямецкія войскі. Назва вёскі Канюхі гаворыць сама за сябе. Хата, у якой жыла прабабуліна сям’я, стаяла каля прыгожага возера, а на працілеглым беразе знаходзіліся канюшні, пабудаваныя з чырвонай цэглы. Дакументальна вядома, што гэты ваенны гарадок перад вайной наведаў сам Жукаў (у Канюхах знаходзіліся конныя войскі).

 Пачатак вайны ў прабабулі звязаны з эвакуацыяй ваеннага гарадка. У той дзень яе матуля пайшла да возера мыць бялізну, але хутка вярнулася дадому са свежанінай: у ваенным гарадку салдаты гаспадарчай часці калолі свіней, а мяса раздавалі мясцовым жыхарам, каб яно не засталося ворагу. Хутка ў вёску прыйшлі немцы, паводзілі сябе больш-менш стрымана, толькі збіралі з жыхароў прадукты харчавання.

 Бліжэй да восені ў вёсцы Покрашава немцы аднавілі працу спіртзавода (цяпер Слуцкі воцатны завод). На заводзе працавалі мясцовыя жыхары, і немцам патрэбен быў перакладчык або чалавек, які нядрэнна валодаў нямецкай мовай. Фашысты хадзілі па Канюхах і пыталіся, хто можа ім дапамагчы. Усе жыхары, як згаварыўшыся, адказвалі: “Галуза Іван”. Перад вайной брат прабабулі – Галуза Іван Сцяпанавіч – скончыў сямігодку, быў здольным вучнем і заўсёды праяўляў цікавасць да нямецкай мовы. Хутка ў хату Галузаў прыйшоў немец і загадаў брату збірацца і ехаць у Покрашава. Бацька пачаў пярэчыць, што сын яшчэ маладзенькі і нідзе яшчэ не быў. Але афіцэр прыгразіў, што Івана ў такім выпадку адправяць на працу ў Германію. Бацькі спалохаліся за жыццё свайго сына, вымушаны былі згадзіцца. Некалькі разоў бацька наведваў Івана, пешу хадзіў з Канюхоў у Покрашава. Яму вельмі не падабалася праца Івана, было балюча і непрыемна, як яго сын ходзіць з немцамі і перакладае іх загады рабочым завода. Хутка ў раёне пачаліся дыверсіі, быў спалены спіртзавод. Івана немцы абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляецца сувязным партызан. Яго спачатку адправілі ў Слуцк, а затым у Мінск. Праз некаторы час Івана адправілі ў Асвенцым, адкуль ён ужо не вярнуўся. Сведкі, якія вярнуліся з канцлагера, расказалі сям’і, што бачылі, як Івана, хворага на тыф, неслі ў крэматорый.

 Так загінуў старэйшы брат маёй прабабулі. Яму было ўсяго 17 гадоў. Вялікі ўрон нанесла вайна нашай Радзіме. Таму мы павінны памятаць пра гэта і не дапушчаць памылак, якія б маглі прывесці да паўтарэння ваеннай трагедыі. Мы павінны шанаваць ветэранаў, з вялікай павагаю адносіцца да іх, быць ім удзячнымі за наша мірнае жыццё, не забываць подзвігі нашых продкаў.

Давідоўскі Алег Аляксандравіч (навучэнец 7 класа, 13 гадоў)